серада, 9 красавіка 2008 г.

ДАІ Украіны расказала, як трэба было спыняць Менцюкоў без “жывога шчыта”

2008-03-25 17:09:04, Зміцер Панямонаў

Па словах украінскіх ДАІшнікаў, яны не маюць права выстаўляць перашкоду з прыватных машын на шляху ўцекача. Асабліва небяспечных кіроўцаў-уцекачоў затрымлівае спецпадраздзяленне хуткага рэагавання, якое ёсць і ў Беларусі.

Еўрарадыё паспрабавала даведацца, якімі інструкцыямі карысталіся інспектары ДАІ, якія каторы ужо раз выстаўляюць "жывы шчыт", каб спыніць уцекача, і як у падобнай сітуацыі дзейнічалі б іх калегі з Украіны.

Намеснік начальніка беларускай рэспубліканскай ДПС Ігар Ваніцкі ў размове з Еўрарадыё пацвердзіў, што інструкцыі, як дзейнічаць інспектарам у такіх сітуацыях, сапраўды існуюць. І нібыта па гэтых інструкцыях яны маюць права выкарыстоўваць у якасці перашкоды на шляху ўцекача прыватныя машыны. Але дакладна зачытаць артыкулы на гэты конт з той інструкцыі адмовіўся.

Ігар Ваніцкі: "Мы мелі такое права. Але я не буду пераказваць, што мы павінны былі рабіць па інструкцыі".

Нічога ўцямнага не адказаў і начальнік упраўлення ДАІ Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі Аляксандр Мендзелеў. Акрамя таго, што інспектары павінны рабіць усё магчымае, каб не пацярпелі людзі.

Аляксандр Мендзелеў: "Максімальна асцярожна дзейнічаць, каб не пацярпелі іншыя. Вось такія дзеянні. Прымяняць для гэтага ўсе сродкі і ўмовы".

Тады Еўрарадыё звязалася з Дэпартаментам дзяржаўтаінспекцыі МУС Украіны і запыталася, як бы дзейнічалі іх інспектары ў сітуацыі, падобнай да той, што надарылася на шашы Мінск-Мікашэвічы. Па словах кіраўніка прэс-службы Дэпартамента Ніны Хмялеўскай, інспектары ДАІ Украіны НЕ МАЮЦЬ ПРАВА выстаўляць перашкоду з прыватных машын на шляху ўцекача.

Ніна Хмялеўская: "Нашым законам не прадугледжваецца дазвол ставіць перашкоду з грамадзянскіх аўтамабіляў, каб спыніць такі транспартны сродак".

Кіраўніца прэс-службы пацвердзіла Еўрарадыё, што і ў іх ёсць свае інструкцыі і нарматыўныя акты, як дзейнічаць у складаных сітуацыях. Па яе словах, яны выцякаюць з Закону Украіны аб дарожным руху і Закону Украіны аб міліцыі.

Ніна Хмялеўская: "Калі б была арыенціроўка, што яны маюць дачыненне да здзяйснення злачынства, то, безумоўна, прымянялі б зброю. Калі такой арыенціроўкі не было, але транспартны сродак не спыніўся і на працягу 40 хвілін пераследу нават не спрабаваў спыніцца, узгаднялі б з кіраўніцтвам і, як першы варыянт, прымянілі прымусовае спыненне на блок-посце. У нас ёсць загараджальныя блокі на пастах і шлагбаўмы, якія могуць хаця б зменшыць хуткасць, каб пазней спыніць гэтага злачынцу. Другі варыянт – прымяненне "вожыка" пад назовам "Дыяна". Колы праколвае, і машына спыняецца.
Яшчэ варыянт -- завядзенне ўцекача ў тупік. Проста пераследаваць недастаткова. Можна з 2-3 патрульных машын стварыць калідор для таго, каб прымусіць кіроўцу павярнуць у тупіковую зону. Сёння і ў вас, і ў нас ёсць машыны, якія і з хуткасцю 180 кіламетраў могуць ехаць, і людзі, якія могуць імі кіраваць. Тады дастаткова паставіць машыну ўнутр гэтага калідора і прымусіць спыніцца".


Па яе словах, украінскія ДАІшнікі не возяць з сабой пастаянна ў патрульных машынах стужкі з шыпамі. Па першым патрабаванні "вожыкі" прывезлі б куды патрэбна з бліжэйшага паста. Але калі б давялося ўсё ж такі ставіць "шчыт", то выкарыстоўвалі б грузавыя машыны.

Ёсць ва ўкраінскіх ДАІшнікаў і яшчэ адзін спецсродак для затрымання асабліва небяспечных кіроўцаў-уцекачоў. Гэта спецпадраздзяленне хуткага рэагавання.

Ніна Хмялеўская: "У кожнай вобласці ў нас ёсць спецпадраздзяленні хуткага рэагавання, якія па кваліфікацыі крыху вышэй за звычайных інспектароў ДАІ. Маецца на ўвазе, экстрэмальнага кіравання транспартным сродкам. І ў іх машыны больш хуткасныя, чым у іншых падраздзяленнях. Некалькі нарадаў выслалі б на дапамогу, і кіраўніцтвам каардынаваўся б далейшы рух. Маршрут гэтага транспартнага сродку, яго магчымага павароту налева-направа".

Дарэчы, у Беларусі таксама ёсць такія "спяцы" на хуткасных машынах – падраздзяленне "Страла". Чаму іх не выслалі на перахоп Рамана Менцюка, не вядома.

Кіраўніцтва беларускага ДАІ сцвярджалі, што спыняць машыну, якая імчыць з хуткасцю 160 кіламетраў у гадзіну, з дапамогай кулі альбо шыпоў небяспечна. Бо гэта можа прывесці да смерці ўсіх, хто ў ёй знаходзіцца. Але супрацоўніца ўкраінскага ДАІ ў адказ на нашае пытанне гаворыць: "А чым лепш "жывы шчыт?"

Ніна Хмялеўская: "А выставіць жывую перашкоду з транспартных сродкаў для лабавога ўдару -- гэта не ўплывае на бяспеку пасажыраў машыны, якую мы пераследуем?"

Кіраўніца прэс-службы Дэпартамента ДАІ Украіны вельмі здзівілася, што падчас "спецаперацыі" яе беларускіх калег абыйшлося без ахвяр.

Copyright ERB 2008

No comments:

Blog Archive

Новая Европа

Карикатуры Владимира Чуглазова

Народная Воля

Все новости "Белорусского Партизана"

Народныя навіны Віцебска