панядзелак, 31 сакавіка 2008 г.

КДБ загадвае журналістам маўчаць

КДБ загадвае журналістам маўчаць

Раней спэцслужбы правялі ператрусы, а цяпер запалохваюць на допытах.

Сябра рады Беларускай асацыяцыі журналістаў (БАЖ) журналіст зь Гомелю Анатоль Гатоўчыц мусіць адмаўляць у інтэрвію нават супрацоўнікам замежным СМІ. Ён апынуўся прыціснуты да сьцяны маўчаньня сьледчым управы КДБ Гомельскай вобласьці тав.Ардаб'евым. Ужо на першым допыце ў КДБ Анатоль прымусілі даць падпіску аб неразгалошваньні таямніцаў дазнаньня. Інакш – турма.

Чым жа цікавыя для КДБ журналісты?

Гутарым з баранавіцкім рэдактарам Алесем Белым. Ён кажа:

– Я – сябра Рады БАЖ, каардыную працу рэгіянальных журналістаў. Разам зьбіраемся на сэмінары, абмяркоўваем агульныя праблемы, удасканальваем свой прафэсійны ўзровень. Натуральна, набываем дапаможную літаратуру, даведнікі, выданьні журналісцкіх арганізацый розных краінаў. У мяне назьбіралася тэматычных кніжак больш як 100. Іх 27 сакавіка ў час раптоўнага вобшуку пералапацілі нязваныя госьці з управы КДБ па Баранавіцкаму рэгіёну. 31 кніжку – забралі.

Супрацоўнікі КДБ вынулі сыстэмны блёк з сямейнага кампутара. А кампутар цяпер найбольш патрэбны жонцы. Яна вучыцца ў дактарантуры БДУ, піша доктарскую працу. Артыкулы спадарыні Белай ахвотна публікуюць навуковыя часопісы. Як ёй быць?

– Кадэбісты сказалі: "Пішыце заяву ў пракуратуру, мажліва, што дапамогуць. Але, што хутка адкажуць, спадзявацца не варта",  – падкрэсьлівае Алесь Белы.

Як доўга журналісты будуць чакаць вяртаньня арыштаванай маёмасьці?

Беларускі юрыст Уладзімер Лабковіч канстатуе, што беларускае заканадаўства прадугледжвае захаваньне пад арыштам рэчавых доказаў да разгляду крымінальнай справы ў судзе.

– І толькі ў некаторых выпадках кіраўнік таго ведамства, якое дасьледуе справу, можа вярнуць маёмасьць гаспадару, – тлумачыць юрыст Лабковіч. – Аднак у дадзеным выпадку станоўчых спадзяваньняў мала. Тэхніку таму і арыштавалі, што імкнуцца хаця б на некаторы час спыніць распаўсюджваньне інфармацыі аб становішчы ў Беларусі. Перадусім улада імкнецца нэйтралізаваць беларускіх журналістаў польскага тэлеканалу "БелСат" і Радыё Рацыя.

На перакананьне Ўладзімера Лабковіча, беларускай супольнасьці трэба кансалідавацца:

– Уся супольнасьць, тым больш журналісты, мусяць быць салідарныя і дзейнічаць разам. І тыя, якія ўжо пацярпелі, і тыя, якія пакуль што не пацярпелі. На жаль, сёньня ніхто не можа даць гарантыі, што заўтра такі ж каток рэпрэсій і ператрусаў і канфіскацыі тэхнікі не напаткае іншых журналістаў, якія працуюць у Беларусі.

Зь Уладзімерам Лабковічам мы гутарылі 28-га сакавіка ў першай палове дня. А 14-й гадзіне атрымалі інфармацыю з Магілёўшчыны: "Трое маёраў – Шэйнік, Грачоў ды Малашанка ўварваліся ў кватэру рэдактара газэты "Ўзгорак" у райцэнтры Горкі. Распачаўся ператрус".

У 15.00 наступная навіна: "У горадзе Асіповічы на прыватнай кватэры грамадзкага актывіста Ігара Сімбірова супрацоўнікі КДБ канфіскоўваюць сьвежы наклад газэты "Асіповіцкая панарама". Кіруе вобшукам малодшы лейтэнант Вераб'ёў".

Што плянуе зрабіць БАЖ?

У панядзелак, 31 сакавіка, Рада БАЖ вызначыць дзень плянуемай сустрэчы журналістаў, якія зазналі перасьлед з боку КДБ. Намесьнік старшыні асацыяцыі Андрэй Бастунец паведаміў, што на калектыўнае абмеркаваньне перадусім запрошаныя пацярпелыя ад КДБ:

Андрэй Аляксандраў (Наваполацак)

Анатоль Гатоўчыц(Гомель)

Генадзь Суднік (Магілёў)

Алена Сьцяпанава (Віцебск)

Вадзім Баршчэўскі (Віцебск)

Натальля Чухно (Берасьце)

Андрэй Шобін (Бабруйск)

Віталь Васількоў (Магілёў)

Аляксандар Бучэк (Пінск)

Вадзім Аршанскі (Магілёў)

Эдуард Брокараў (Горкі)

Тамара Шчапёткіна (Берасьцейшчына).

У сваю чаргу кіраўнік юрыдычнага цэнтру Беларускай асацыяцыі журналістаў Міхаіл Пастухоў паведаміў што БАЖ падрыхтаваў зварот да генэральнага пракурора, каб ён прыняў прадугледжаныя законам меры для неадкладнага спыненьня масавага перасьледу журналістаў. Таксама накіраваны звароты ў міжнародныя арганізацыі, якія адсочваюць сытуацыю з мэдыямі. Меркаваньне юрыста сп.Пастухова:

– Праводзілася такая мэтанакіраваная акцыя пераважна супраць журналістаў, якія супрацоўнічаюць з тэлеканалам "БелСат. Фактычна ставілася мэта зьнішчыць журналісцкую сетку на тэрыторыі Беларусі. Мяркую, усе гэтыя дзеяньні супрацоўнікаў КДБ павінны атрымаць адпаведную рэакцыю як з боку беларускай грамадзкасьці, так і міжнародных арганізацый. Я лічу, ператрусы праводзіліся беспадстаўна. Усё гэта можна назваць гвалтам да незалежных мэдыяў у Беларусі.

Галіна Баравая

29.03.2008

На Лукашэнку – сатыра, а на журналістаў – пагромы

Больш як 30 журналістаў і грамадзкіх актывістаў патрапілі ў адзін дзень пад перасьлед КДБ ва ўсіх рэгіёнах краіны – гэта ўпершыню ў гісторыі незалежнай Беларусі.

Сёньня намесьнік пракурора Менску Аляксей Стук спраўдзіў для журналістаў, што менавіта ён даў санкцыю на правядзеньне ператрусаў у менскіх памяшканьнях "Радыё Рацыі", "Эўрапейскага радыё для Беларусі", тэлекампаніі "БелСат", а таксама ў рэгіянальных карэспандэнтаў гэтых СМІ.

На офісы сродкаў масавай інфармацыі і ў кватэры журналістаў рынуліся супрацоўнікі рэгіянальных управаў КДБ. Першай пра няпрошаных гасьцей нам  паведаміла журналістка з райцэнтру Бяроза на Берасьцейшчыне Тамара Шчапёткіна.

– У службоўцаў была пры сабе пастанова аб узбуджэньні крымінальнай справы ў дачыненьні да жыхароў Менску Андрэя Абозава, Алега Мініча і Паўла Марозава. Прадстаўнікі КДБ заявілі, што яны абвінавачваюцца ў стварэньні сатырычных мультфільмаў пра Аляксандра Лукашэнку. Па іх словах, яны мусяць забраць сыстэмны блёк з майго кампутара, каб дасьледаваць інфармацыю, што можа мець дачыненьне да вышэйназванай крымінальнай справы.

Нагадаю, яшчэ летась 16 жніўня менская пракуратура сумесна з КДБ распачала крымінальную справу за абразу Аляксандра Лукашэнкі. Тады ў Андрэя Абозава, Паўла Марозава і Алега Мініча супрацоўнікі КДБ зрабілі ператрус, забралі ўсе кампутары і носьбіты інфармацыі.

Цяпер Алег Мініч і Андрэй Абозаў знаходзяцца за межамі Беларусі.

З-за чаго ж пярэпалах у правінцыі?

Меркаваньне магілёўскага журналіста Генадзя Судніка:

– Трое маёраў КДБ па Магілёўскай вобласьці – Р.Гайшун, А.Раманаў і Я.Нікіценка ператрэсьлі ўсе мае архівы, нататнікі, літаратуру. Даводзілі, што сьледчы пракуратуры Менску В.Шабан даручыў магілёўскаму КДБ "пашукаць рэчы, якія могуць знаходзіцца ў кватэры Генадзя Судніка і мець дачыненьне да ўзбуджанай крымінальнай справы". Аднак хлопцаў-сатырыкаў я ведаю толькі завочна. Стасункаў зь імі ня меў. Лічу, што кадэбісты ідуць па ілжываму сьледу абы толькі выведаць пра тых, хто працуе на незалежныя СМІ.

Генадзь Суднік – незалежны журналіст. Ён адзін з заснавальнікаў грамадзкага аб'яднаньня "Беларуская асацыяцыя журналістаў".

Ператрэсьлі сёньня сышчыкі КДБ і маёмасьць берасьцейскай журналісткі Натальлі Чухно. Яе крыўда:

– Супрацоўнікі ўправы КДБ па Берасьцейскай вобласьці напалохалі. Я яшчэ не прачнулася. Дзьверы ім адчыніў бацька. Забралі 23 рэчы – блёк кампутара, газэты, аўдыё- і відэаматэрыялы. Іх прозьвішчы – Прыма, Бань і Кез. З сабою на аркушы паперы ў іх былі запісаныя пытаньні да мяне: "Ці знаёмая я са стваральнікамі мульцікаў пра Лукашэнку; ці маюць яны дачыненьне да БелСату?; Як такія ролікі патрапляюць на БелСат?" Я дала адмоўныя адказы на ўсе гэтыя пытаньні.

Ад сямі ранку да 19 вечара цягнуліся ператрусы ў рэгіёнах. У Гомелі дапытвалі журналіста Анатоля Гатоўчыца, у Віцебску – Алену Сьцяпанаву. Ордэры былі выпісаныя таксама на журналістаў і сяброў незалежных СМІ Брокарава, Шобіна, Дзех, Белагага, Буціка, Карпенку, Вараб'ёва, Мельнікава, Баршчэўскага.

У Магілеве да прыватнага дому па вуліцы Чкалава, 16 людзі выклікалі міліцэйскі патруль. Грамадзкі актывіст Аляксандар Сілкоў паведаміў, што прысутных ля дома хвалявала, чаму дзьверы ў дом, дзе таксама адбываюцца паседжаньні грамадзкага клюбу "Кола сяброў", зачынены на ўнутраны замок. За ім гучаць крыкі мужчынаў.

Як высьветлілася, раней сюды ўварваліся кадэбісты. Прысутным тут старшыні рэгіянальнай арганізацыі АГП Уладзімеру Кацору і сябру "Руху за Свабоду" Віталю Васільеву загадалі адключыць тэлефоны, у тым ліку мабільныя, а самі ўчынілі пільны вобшук. Уладзімер Кацора ўдакладняе:

– Іх было 9 чалавек. Перарылі ўсё, што можна. Забралі кампутары, газэты, літаратуру, факс. Вобшук цягнуўся ажно чатыры гадзіны.

Уладзімер Кацора называе сапраўдныя прычыны так званай аблавы ў рэгіёнах:

– Гэта самы звычайны гвалт пад выглядам пошуку нейкіх доказаў у крымінальную справу за абразу Лукашэнкі. Зь Менску аддадзены загад пераправерыць кожнага журналіста недзяржаўных СМІ, а таксама іншых крыніцаў інфармацыі. Улада імкнецца перакрыць доступ праўдзе пра цяперашні рэжым у Беларусі да насельніцтва ў гарадох, мястэчках і вёсках.

Галіна Баравая



No comments:

Blog Archive

Новая Европа

Карикатуры Владимира Чуглазова

Народная Воля

Все новости "Белорусского Партизана"

Народныя навіны Віцебска