субота, 12 студзеня 2008 г.

Беларуска-польскі памежны пераход

Беларуска-польскі памежны пераход

Адзін дзень з жыцця "саляравоза"

Паша Гузікаў, 12.01.2008

Берасце – горад з унікальным геаграфічным становішчам, Польшчай і Украінай пад бокам, заўжды вылучаўся сваёй заможнасцю ў параўнанні іншымі абласнымі цэнтрамі Беларусі. І блізкасць мяжы для дасягнення і падтрымання гэтай заможнасці з'яўляецца вялікай камерцыйнай сілай.

У мінулыя бязвізавыя часы кожны другі цягаў у Польшчу саляру (дызельнае паліва), гарэлку, цыгарэты і вывозіў адтуль мяса, вопратку і ўсялякі "шырпотрап", які тут актыўна сплаўляўся. Вось так і жылі.

Часы змяніліся, кожны год прымаюцца новыя і новыя забароны і абмежаванні, з апошняга - поўная забарона ўвозу на тэрыторыю Беларусі мясных вырабаў з Польшчы, да таго ж з новага года гэтая краіна - у Шэнгене.

А пакуль памежнаму бізнэсу канец не надыйшоў канчаткова, у адзін з будніх дзён накіраваўся я ў Польшчу са знаёмым студэнтам на яго ўласным аўтамабілі, каб на свае вочы пабачыць і адчуць, як ён ўжо два гады зарабляе на жыццё і адукацыю, з раніцы ходзячы ва універсітэт, а пасля пар ганяючы штодзённа за мяжу.

Заправіўшы Фольцваген Пасат салярай па поўнай, мы накіраваліся на памежны пераход "Варшаўскі мост", але значная чарга машын прымусіла змяніць нашае рашэнне перасякаць мяжу менавіта тут, бо за 40 км каля Дамачава знаходзіцца іншы пераход. Па дарозе завіталі да жыхаркі адной з памежных вёсак, хуценька набылі два блокі цыгарэт "Мore" з акцызнымі маркамі Украіны, каб потым перапрадаць ў два разы даражэй, наварыўшы з кожнага блоку па пяць даляраў.

На памежным пункце пры нязначнай чарзе давялося прастаяць дзве гадзіны.Таму атрымалася даволі ўважліва паназіраць за кантынгентам кіроўцаў, што стаялі на мяжы ў чаканні сваёй чаргі. Я зразумеў, што больш за палову аўтамабіляў ехалі ў Польшчу з той жа мэтай, што і мы – "зліць саляру", таму і пераважалі народныя Пасаты, якія маюць самы вялікі бак сярод легкавых машын – каля ста літраў, значыць восемдзесят можна лёгка перапрадаць. Займаюцца гэтым і прывабныя жанчыны, і злыя мужчыны, і бедныя студэнты, і ціхія пенсіянеры – галоўнае, каб патрэбная машына была.


Колькі ж можна зарабіць за адну такую паездку?

Па маіх падліках атрымалася наступнае: салярка ў калгасах, а дакладней нелегальна ў спрытных механікаў, кіроўцаў ці брыгадзіраў набываецца прыкладна па 1220 рублёў за літр (на запраўцы каштуе 1610 рублёў/літр), у Польшчы ж перапрадаецца прыватнікам ці фермерам ужо па 2,7 злотых – гэта 2100 нашых рублёў, атрымліваецца, на адным літры можна зарабіць 900-1000 рублёў, а прадаецца за адзін раз да васьмідзесяці літраў, далей лічыце самі.

Акрамя "салярнага бізнэсу" майго сябра-студэнта вельмі цікавіць "тэлефонны бізнэс", ды і замоў у яго на мабільнікі з Польшчы заўжды шмат. Мы накіраваліся на тэлефонную базу ў Бялу-Падляску. Добрыя тэлефоны тут каштуюць значна танней, чым у нашых салонах, розніца да 70$, з "газетнымі" – 30-40$, таму і жадаюць людзі, каб нехта прывез тэлефон з Польшчы, а майму таварышу і прыемна зрабіць такую справу, ды і ў кішэню пакласці грошы. А яшчэ і так званы "Ват" дапамагае, бо купляючы тэлефон, замежны кліент атрымлівае спецыяльны дакумент аб набыцці гэтай рэчы, і, вяртаючыся на Беларусь, на мяжы ставіць пячатку, а ў наступны раз, наведаўшы гэтую краму з дакументам, вяртае сабе 18% ад кошту (так званы ПДВ—падатак на даданую вартасць). Атрымліваецца, што перапрадаўшы добры тэлефон нават па польскім кошце, наварваеш 15-25 даляраў.

Так, мы набылі пяць тэлефонаў, пры тым правезці праз мяжу аднаму чалавеку легальна можна толькі адзін новы запакаваны тэлефон. Таму на мяжы каробкі ад тэлефонаў акуратна раскладваюць і хаваюць, а самі апараты раскідваюць па кішэнях - туды мытнікі дакладна не палезуць.

У майго таварыша склалася традыцыя: дамоў польскае мяса везці нельга, а ў Беларусі ўвесь час няма калі паесці, дык ён купляе польскія мясныя вырабы, спыняе машыну ў чарзе да мяжы і з асалодай есць, бо стаянне ў гэтым бізнэсе - неад'емная частка, якая часам расцягваецца на нявызначаны тэрмін.

Назад у Беларусь зноў вярталіся праз Дамачава познім вечарам. І толькі дзякуючы братэрскім адносінам паміж "саляравозамі" не давялося ў кіламетровай чарзе стаяць цэлую ноч, бо адзін з пасатаў, прытрымаўшы рух ў чарзе, дазволіў нашаму аўто заскочыць у пярэднюю частку чаргі пад самы шлагбаўм.

Пад час размовы паміж "саляравозамі" ў маё вуха заляцела плётка, што нібыта цяпер калгасную салярку, каб адрозніваць ад заправачнай, будуць фарбаваць у чырвоны колер, а на мяжы правяраць на якой салярцы ты едзеш: звычайнай ці калгаснай чырвонай. "Не можа быць, дурнота!" – разам супакоілі адзін аднаго "саляравозы" і глыбока ўздыхнулі.

У спецыяльнай чарзе на Ват падышоў наш чарод; праверыўшы дакументы і паставіўшы патрэбныя пячаткі, польскі мытнік перадаў нас у рукі беларускага. Той, заўважыўшы нешта падазронае і, можа, у спадзяваньні выявіць у нас злачынцаў, праверыў змесціва багажніка і месца пад сядзеннямі, ды незадаволена адпусціў нас на беларускую зямлю, бо нічога не знайшоў супрацьзаконнага. "Фу! Пранесла!" – стомлена ўздыхнулі мы.

Пасля таго, як я правёў палову сутак у машыне, родны ложак мне падаўся больш свойскім і прыемным, а праца "саляравоза" сумнай, нервовай і безнадзейнай. Хтосьці можа сказаць, што кожны выбірае працу па сваім таленці ці ўласных магчымасцях, але тады лёгка прыйсці да высновы, што ў паловы берасцейцаў і жыхароў памежжа нейкім чынам мусіць быць "генетычна" закладзены талент да спекуляцыі (галоўнае толькі, каб знайсці, чым спекуляваць). Вось такія вывады. Нонсэнс.


No comments:

Blog Archive

Новая Европа

Карикатуры Владимира Чуглазова

Народная Воля

Все новости "Белорусского Партизана"

Народныя навіны Віцебска